ІРА́КЛІЙ II (18.11.1720, г. Тэлаві, Грузія — 22.1.1798),

грузінскі цар, дзярж. дзеяч, палкаводзец. З дынастыі кахецкіх Багратыёнаў.З 1744 цар Кахеты, з 1762 — Картлі-Кахецінскага царства (Усх. Грузія). Імкнуўся да аб’яднання разрозненых груз. уладанняў у адзіную дзяржаву, пашырэння ўплыву Грузіі ў Закаўказзі. У час рус.-тур. вайны 1768—74 ваяваў на баку Расіі. Заключыў Георгіеўскі трактат 1783 аб пратэктараце Расіі над Усх. Грузіяй. Садзейнічаў груз.-арм. збліжэнню. Пры ім абмежавана ўлада буйных землеўладальнікаў, забаронены гандаль прыгоннымі без зямлі. У 1773 увёў пастаяннае войска. Заснаваў дзярж. школы і семінарыі ў Тбілісі, Тэлаві.

т. 7, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)